ru24.pro
Новости по-русски
Октябрь
2016

Допінг: хто мусіць вяртаць кватэры і грошы

0
Чарговая навіна ад Міжнароднага алімпійскага камітэту: беларускія прызэры Пэкіну й Лёндану цяжкаатлеты – Андрэй Рыбакоў і Анастасія Новікава, а сьледам і Марына Шкерманкова пазбаўленыя сваіх узнагарод, бо пры паўторнай праверцы праз чатыры-восем гадоў пасьля стартаў у іх пробах выяўлены допінг.


Ня тое, каб гэтая навіна надта ўразіла, ужо звыклі. Але ўразіла рэакцыя публікі.


Пераважная колькасьць камэнтатараў у фэйсбуку й на сайтах СМІ патрабуе забраць у спартоўцаў ня толькі прызавыя грошы, але й кватэры, якія яны атрымалі пасьля Алімпіяды.


Мура: «Шкерманкову за шкірку й вон са спорту. Хай мяце вуліцы, а з ёй і ўсю фэдэрацыю з трэнэрамі-махінатарамі, якія за наш кошт жыруюць і на гэтыя грошы допінгі купляюць. Усіх у турмы за краты». 


Guinness: «Хай як студэнты-бюджэтнікі адпрацоўваюць». 


Рост: «Ёсьць добрае рашэньне: вінаватых пасадзіць з канфіскацыяй... І кватэры, і прызавыя забраць!!!» і г.д.  


Так, вядома, прасьцей – прызначыць спартоўца стрэлачнікам і зваліць усю адказнасьць на яго. Адкінуўшы ў бок гады трэніровак, кроў і пот на іх пралітых. Але ў праблеме допінгу, як у любой сучаснай высокатэхналягічнай праблеме, няма простага адказу.


Ці ты чысты, ці не, сёньня немагчыма сказаць дакладна, нават калі ты піў адно малако перад стартам, таму што й там могуць быць забароненыя рэчывы. 


Спорт стаў высокаліквіднай галіной міжнароднага бізнэсу, які патрабуе сталых фінансавых укладаньняў, непарыўнага разьвіцьця і ўвагі.


Праблема допінгу сёньня зусім іншая, чым, скажам, дваццаць гадоў таму. Яна перастала быць праблемай аднаго спартоўца і ягонага доктара-фармаколяга, калі той прыходзіў перад стартам, умоўна кажучы прыносіў яблычак і казаў падапечнаму: зьеш, і будзе табе шчасьце. 


Гэткі падыход, як і самая заўважаная ў такіх мэтадах зборная ГДР (была такая нямецкая краіна), канулі ў лету. 


Сёньня над распрацоўкай допінгавых і антыдопінгавых тэхналёгій змагаюцца не асобныя дактары-варажбіты, але цэлыя лябараторныя сыстэмы. Часам гэта адны й тыя ж лябараторыі. І дзеля таго, каб быць на плыву, трэба адпавядаць часу. Сыстэмна адпавядаць.


Спартовец, сапраўды, у пераважнай большасьці выпадкаў ня надта ў тэме, што ён ужывае, допінг ці не.


«Мы адстаем ад вядучых краін у спартовай навуцы і працягваем жэрці допінг і ганьбіцца», – гэта словы чатырохразовага чэмпіёна Алімпійскіх гульняў у біятлёне расейца Аляксандра Ціханава, сказаныя ім на расейскай антыдопінгавай канфэрэнцыі.


Яшчэ адна ягоная цытата:


«Я пабываў на нарадзе ў пытаннях допінгу ў Алімпійскім камітэце. Я прастаяў амаль гадзіну, таму што думаў, што калі пасьля прачытанага на экране я сяду, то больш не ўстану. Шмат разоў згадвалася слова «разумных», але, мне здаецца, што разумных у нас хапае, а вось прафесійных адмыслоўцаў ня шмат».


На ўсёй постсавецкай прасторы праблемы спорту й допінгу прыкладна аднолькавыя. Размах і нахабнасьць маніпуляцый розныя, у залежнасьці ад краіны й яе магчымасьцяў. 


Разам з нашымі спартоўцамі пазбавілі мэдалёў украінку-цяжкаатлетку Юлію Каліну й казахстанскага дужбіта Таймураза Цігіева. 


Перад гэтым быў шэраг расейскіх спартоўцаў. Былі армяне, азэрбайджанцы і ўзбэкі. 


Рэч у тым, што, у адрозьненьне ад краін цывілізаваных, дзе фармакалёгія – справа недзяржаўнага бізнэсу, на нашых прасьцягах спортам апякуецца дзяржава, а любая постсавецкая дзяржава мае хваробу карупцыі й нерацыянальнага выкарыстаньня грошай. Бюджэт раскрадаецца й марнуецца, спартовы бюджэт не выключэньне. 


Скажам, даручыць вырашыць праблему допінгу на Сочынскай алімпіядзе ФСБ расейскім кіраўнікам падалося таньней, чым сур'ёзна займацца праблемай фармакалёгіі. Але выйшла, як выйшла. Выбухнуў скандал, які тлее дагэтуль.


У Беларусі, Украіне, Казахстане й іншых постсавецкіх краінах, дзяржаўны фармакалягічны бюджэт ня ў стане канкураваць з распрацоўкамі новых тэхналёгій на захадзе. 


Справа ў мадэлі пабудовы і разьвіцьця дзяржавы й грамадзкага ладу. Тут і мэтавае выкарыстаньне сродкаў, і кантроль за іх выкарыстаньнем з боку незаангажаваных дзяржаўных службаў, СМІ й грамадзкіх інстытутаў. 


І наяўнасьць сапраўдных адмыслоўцаў, якія б маглі абысьціся мінімумам сродкаў. 


Але такіх не стае з названых раней прычынаў. 


Допінгавыя скандалы будуць бударажыць наша жыцьцё ў агляднай будучыні пастаянна. Гэта трэба прызнаць, асэнсаваць і пастарацца зразумець ролю шараговага спартоўца ў вялікіх спартовых віхурах.


Я не заклікаю выводзіць яго з-пад адказнасьці, я заклікаю не рабіць яго крайнім. Яму крыўдна, калі ў іх адбіраюць мэдалі, на атрыманьне якіх, ён паклаў сілы, час і здароўе. 


Казахстанец Цігіеў ужо заявіў, што не аддасьць сваю алімпійскую ўзнагароду ні пры якіх умовах. Ягоныя эмоцыі можна зразумець.


Патрабаваць вяртаньня грошай і кватэраў ад спартоўцаў, допінг-пробы якіх праз чатыры-восем гадоў апынуліся не такімі, як адразу пасьля алімпійскіх перамог, – крок эмацыйны, але ці слушны? 


Можа быць, лепш запатрабаваць ад дзяржавы й яе чынавенства дакладнага й мэтавага выкарыстаньня сродкаў падаткаплатнікаў, якія былі выдзеленыя на разьвіцьцё спорту й дзеля дасягненьня спартовых перамог? 


Напэўна, так будзе больш справядліва і больш вынікова для ўсіх.


 


Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.