Баявая слава вёскі Карзуны
Недалёка ад Мінска жыве сваім павольным жыццём вёска Карзуны Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. Паселішча даволі вялікае, двароў на дзвесце. А вось прозвішчаў і з дзясятак не набярэцца - вакол радня. Стагоддзямі жанчыны гадавалі тут дзяцей, завіхаліся ў полі і па гаспадарцы. Мужчыны апрацоўвалі навакольныя землі, вырошчвалі хлеб. А ў ліхія часы варожых нашэсцяў яны, не шкадуючы жыцця свайго, абаранялі Айчыну.
У гады Вялікай Айчыннай вайны загінула 30 ураджэнцаў вёскі. Імёны іх ўвекавечаны на сценах невялікай капліцы, якая не так даўно ўзнесла свае крыжы ў неба над вёскай. Збудавалі капліцу ўсім светам у гонар унікальнай і малавядомай Аўгустоўскай іконы Божай Маці. На двух мемарыяльных плітах высечаны даты жыцця, воінскія званні, імёны загінуўшых і прапаўшых без вестак аднавяскоўцаў.
Ініцыятарам будаўніцтва капліцы стаў архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан (Ігар Пятровіч Корзун) - мой дзядуля. Сярод іншых на плітах памяці ўвекавечана імя яго дзеда, Васіля Мікалаевіча Шыдлоўскага, які загінуў у віры той страшнай вайны. Яго вялікі партрэт вісіць на ганаровым месцы ў пакоі дзядулі. Дзед беражліва збірае і захоўвае дакументы, фатаграфіі, на якіх адлюстравана жыццё родных і аднавяскоўцаў.
Вось пасведчанне Васіля Шыдлоўскага аб заканчэнні ў 1911 годзе Смілавіцкага двухкласнага вучылішча. З дакумента ясна, што вучыліся там шэсць гадоў. І ёсць у дакуменце адна цікавая рэмарка пра тое, што яго ўладальнік «карыстаецца пры адбыцці воінскай павіннасці правамі, што скончыў курс навучальнай установы другога разрада».
Мяркуючы па захаванаму ваеннаму білету, павіннасць гэтую Васіль Шыдлоўскі адбыў. У маі 1916 года ён быў прызнаны прыгодным да страявой службы і «залічаны ў 5-й грэнадзёрскі полк на пасаду стралка царскай арміі», з якой быў звольнены ў 1918 годзе.
Летам 1944 года, пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Васіля Шыдлоўскага прызвалі ў рады Чырвонай Арміі. Пачаліся франтавыя будні. 28 жніўня 1944 года ён загінуў у баях пад Асаўцом. Баі там ішлі цяжкія, крывавыя. Прарваць добра ўмацаваную абарону немцаў было няпроста. Ёсць сведчанні аднавяскоўцаў, якія служылі з Васілём у адным палку, пра тое, што чырвонаармеец Шыдлоўскі атрымаў цяжкае раненне, быў вынесены з поля бою... На гэтым яго след абрываецца. У запісах прыёму параненых, якія вяліся ў медсанбаце, пра яго ні слова не напісана... Сярод загінуўшых яго імя таксама не значыцца. У сям'ю прыйшло паведамленне: прапаў без вестак... Так і пайшоў у вечнасць Васіль Шыдлоўскі невядомым салдатам. Невядома, дзе ён выпусціў свой апошні выдых, хто закрыў яму вочы, здабыў ён спачын ў брацкай магіле ці, можа, косткі яго так і ляжаць дагэтуль непрыкаянымі.
Дзякуючы намаганням архіепіскапа Стэфана і неабыякавым людзям, сабраны па крупінках звесткі, якія расказваюць пра аднавяскоўцаў, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: даты і абставіны гібелі, схемы размяшчэнняў месцаў пахаванняў, узнагародныя лісты.
Практычна ўсе вясковыя мужыкi ваявалі ў стралковым палку 369-й стралковай Карачэўскай Чырванасцяжнай дывізіі. Былі сярод карзуноўцаў і тыя, хто сустрэў вайну ў радах Чырвонай Арміі:
- Старшы ваентэхнік першага рангу Аляксандр Пракопавіч Корзун загінуў у марскім баі 3 снежня 1941 года ў Фінскім заліве, побач з востравам Ханко.
- Лейтэнант Барыс Іванавіч Зотаў служыў у 855-м стралковым палку. У кастрычніку 1941 года трапіў у палон пад Бранскам. Памёр у офлагу №57 у ліпені 1942 года. Гэтыя падрабязнасці сталі вядомыя дзякуючы ксеракопіі асабістай справы афіцэра, якое педантычныя немцы заводзілі на кожнага палоннага. Спецыяльна надрукаваны бланк, у ніжнім правым куце фотаздымак афіцэра. У руках ён трымае таблічку, на ёй надпіс Sotov, асабісты нумар 767. Побач з фота - адбітак пальца. Асабістыя дадзеныя акуратна ўнесены ў адпаведныя графы. Нямецкая педантычнасць, улік і кантроль...
- Гвардыі старшы лейтэнант Корзун Іван Васільевіч - камандзір разведвальнай роты, ваяваў у 14-й гвардзейскай брыгадзе 4-га гвардзейскага армейскага корпуса. Загінуў у баі 14 сакавіка 1944 года пры вызваленні ўкраінскага сяла Спаскае, што ў Мікалаеўскай вобласці. У красавіку 1944 гады яго пасмяротна ўзнагародзілі ордэнам Айчыннай вайны II ступені.
- Баец Мікалай Раманавіч Русак, 1926 года нараджэння, загінуў 15 жніўня 1944 года, абараняючы вёску Прухнава. А яму ж не было яшчэ і дваццаці.
- Часам адладжаная машына ваеннай канцылярыі давала збой: восенню 1944-га ў сям'ю Цімафея Лукіча Шыдлоўскага прыйшла пахаронка, якая паведамляла родным аб яго гібелі ў Гродзенскім раёне Беластоцкага ваяводства. Да пахаронкі дадавалася і схема, на якой было адзначана месца пахавання. Родныя яго аплакалі, а ён пасля вайны вярнуўся жывым і здаровым, памёр толькі ў 70-я гады ...
- Гісторыя гэтая не была адзінкавая. Пасля пахавання вярнуліся з вайны і Лявон Яфімавіч Волчак, і Аляксандр Харытонавіч Русак. Вярнуўся і яшчэ адзін Шыдлоўскі - Сяргей Дзмітрыевіч. Прыйшло паведамленне, што ён загінуў 16 мая 1942 года ў раёне Мурманска. Але ашукаўшы смерць, з баямі дайшоў да Германіі ў складзе 24-га гвардзейскага стралковага палка 10-й гвардзейскай стралковай дывізіі. Там ён сустрэў Перамогу. А 17 чэрвеня 1945 года гвардыі чырвонаармеец Сяргей Дзмітрыевіч Шыдлоўскі быў узнагароджаны медалём "За адвагу".
- Шыдлоўскі Іван Аляксеевіч - кулямётчык 1223-га стралковага палка той самай 369-й стралковай Карачаеўскай Чырванасцяжнай дывізіі. Ён пражыў да крыўднага мала - усяго 32 гады. Да вайны працаваў на керамічнай фабрыцы. Івана прызвалі 6 ліпеня 1944 года. У кастрычніку ён удзельнічаў у баях за вызваленне Польшчы. У тым баі Іван Шыдлоўскі быў паранены і праз некалькі гадзін памёр у 451-м асобным медсанбате. Пазней землякі-аднапалчане раскажуць родным, што разрыўной куляй, якая трапіла ў плячо, яму практычна адарвала руку. Пакуль неслі ў медсанбат, страціў шмат крыві. Шанцаў выжыць было мала. 8 кастрычніка, праз тры дні пасля смерці, згодна загаду №0118 Іван Аляксеевіч Шыдлоўскі быў узнагароджаны за свой подзвіг ордэнам Славы III ступені. Адзнака аб прысваенні ўзнагароды «пасмяротна» ў загадзе адсутнічае. Мабыць, прадстаўленне ішло адразу, у дзень памятнага бою, на зыходзе якога герой памёр, памёр ад ран.
Вось такім гераічным летапісам баявой славы можа ганарыцца адна мірная беларуская вёска. А колькі іх усяго на беларускай зямлі? Тысячы. І ў кожнай свая неацэнная, не менш трагічная і гераічная гісторыя. Гісторыі людзей, якія ўсталі ў ліхі час на абарону сваёй зямлі, якія сплятаюцца ў грандыёзнае маштабнае палатно вялікага народнага подзвігу. Кожны прайшоў уласны шлях, пранёс свой крыж, прыняў апошні смяротны бой. Але мэта была адна - вызваліць Айчыну ад ворага, адстаяць мір на роднай зямлі.
Кісель Арсеній, суворавец 3 роты 3 узвода (7 клас) Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча.