ru24.pro
Все новости
Июль
2018

Галко: «У астатніх такія ж прыкметы серыялу ў жыцці, проста яны іх не агучваюць»

0

Зміцер Галко, якога цяпер чакаюць 4 гады «хіміі», даў шчырае інтэрв’ю журналісту Нашай Нівы Уладу Швядовічу.
У яго фактычна нічога няма: ані сям’і, ані дома, ані нават рэчаў. Адзін сын сядзіць за кратамі, другі — жыве па-за Мінскам, трэці — ва Украіне, за паўтары тысячы кіламетраў. І ноўтбук, і тэлефон, і вопратку — ўсё забрала міліцыя. На ім няма нават рамяня, а красоўкі Галко — усё яшчэ без шнуркоў.

— Чаму ваша жонка з Украіны не прыехала на працэс?
— Не мела магчымасці. Малое дзіця на руках, няма на каго пакінуць.
— А як яна адрэагавала на прысуд?
— Цяжка. Яна ўвогуле сюды баіцца ехаць. Яна ж не толькі ўкраінка, а яшчэ і актыўны журналіст, і чалавек са сваёй пазіцыяй. І ўзгадваючы выпадкі, калі людзей з Украіны проста не пускалі на мяжы, ці калі прыехаў украінец, а яго скралі расейскія спецслужбы, то жонка трохі баіцца сюды ехаць.
Перажывае. Для яе, атрымліваецца, няма розніцы: ці турму мне далі, ці «хімію».
— Але ці варта было вам ехаць у Беларусь, калі вы ведалі, што знаходзіцеся ў вышуку?
— У мяне шмат чаго пыталі: ці варта было ехаць, ці варта было на тым дні народзінаў сядзець, ці варта было міліцыі дзверы адчыняць…
Думаю, калі б не адчыніў дзверы, то і штурм мог бы быць. Можа, я спыніў нейкае горшае развіццё падзей.
А чаму прыехаў… У мяне старыя бацькі. Калі б праз нейкі час мне трэба было б да іх тэрмінова прыехаць, а мяне б узялі і кінулі за краты? Было б яшчэ горш, чым цяпер.
Ды і я сябе вінаватым не лічу. Я ў гэтай гісторыі — пацярпелы. І дзеці пацярпелыя: той хлопец, які скокнуў з вакна, зламаў хрыбетнік, шмат часу лячыўся. Дзяўчынка адна дала «не тыя» паказанні на судзе, дык у школе педагогі распаўсюджваюць чуткі, што яе згвалтавалі ў той вечар.
— Але ж рашэнне ехаць у Беларусь было эгаістычным у адносінах да жонкі. Яна зараз у Марыупалі з малым дзіцём на руках адна.
— Так. Давядзецца гэтае пытанне вырашаць. Тым больш «хімія» — не турма, мушу ж працаваць.
Так ужо выйшла, што любое рашэнне ў гэтай сітуацыі было б эгаістычным і кепскім для тых маіх блізкіх ці да іншых. Але ж сям’я не адна, і сын у мяне не адзін.
Ды і калі я ехаў, то думаў, можа, мяне проста хочуць напужаць. Выпускалі ж з краіны спакойна, ніхто не замінаў. — А чаму ваш сын Ян не вытрываў ва Украіне і з’ехаў? Што стала галоўным фактарам?
— Дзяўчына. Яны і цяпер працягваюць сустракацца. Ну і сяброў яму не хапала.
— Не шкадуеце, што Ян з’ехаў? Мо лепш было б яму застацца ва Украіне?
— Ну цяпер ён мне кажа: «Тата, ты мой герой», бо зразумела, што я ехаў у Беларусь і дзеля яго. Але… пакуль у яго ёсць дзяўчына, ёсць сябры, то ўсё добра, здаецца. Збіраецца паступаць у коласаўскі ліцэй.
— Увогуле, вашае жыццё нагадвае нейкі серыял: пастаянна штосьці адбываецца, нейкія «прыгоды». Чаму так? Калі пачытаць ваш фэйсбук, то пастаянна экшн: міліцыя, затрыманні, жонкі мяняюцца, дзеці губляюцца, знаходзяцца, нараджаюцца…
— Я думаю, што адзінае адрозненне ад іншых людзей — адкрытасць, тое, што я пішу пра сваё жыццё ў фэйсбук. У астатніх такія ж прыкметы серыялу, напэўна, проста яны гэта не агучваюць.
— Адкуль такая гіперадкрытасць? Ці апраўданая яна?
— З аднаго боку, гэта тактыка, журналісты і людзі з палітычнай пазіцыяй заўсёды ў групе рызыкі. І я вырашыў, што не будзе ў мяне ніякага таемнага жыцця, будзе ўсё вось так.
— Але ж часам вы выносіце на публіку вельмі асабістыя рэчы, жонка ўпікае вас не ў прыватных паведамленнях, а ў каментах. Пішаце і пра нейкія сэксуальныя тэмы і пра думкі аб суіцыдзе… Ці варта?
— Ну, мабыць, некаторыя рэчы не варта выстаўляць усё ж. Але ж я такім быў з маленства, напэўна. Неяк так склалася, такі характар.
— А ад гэтых пастаянных гісторый, якія з вамі адбываюцца, вы ўсё ж атрымліваеце нейкую асалоду, ці ўжо досыць, стаміліся?
— Не, канчаткова яшчэ не стаміўся, ёсць нейкі запал (смяецца). Нават першы час пад вартай — мяне вазілі шмат. І мне было цікава паўсюль пабываць, паглядзець, хто сядзіць, дзе, у якіх умовах. Цікава было, як працэс будзе праходзіць. Прафесійныя такія моманты адразу ўва мне прачнуліся. – Вы сталі бацькам у 16 гадоў — мо варта было пачакаць?
— Ясна, што пра жывога чалавека ніколі не скажаш, што лепш бы яго не было. Я так і не кажу. Але ў 16 гадоў заводзіць дзяцей нельга. Гэта мая пазіцыя, лічы, што грамадзянская.
— Першага сына вы фактычна згубілі.
— Так, абсалютна. Ён выхоўваўся ў асноўным дзядамі і бабулямі, ва ўсіх іх былі розныя пазіцыі, розныя меркаванні… Яны наракалі адно на аднаго, што жывуць няправільна… І гэта стварыла дысананс у чалавека.
— Што з ім зараз? Вы пісалі, што ён сядзіць у Жодзіна, у турме?
— Там дакладна нічога не зразумела. Увосень 2017 года Андрэй паехаў у Маскву, у манастыр. Пасля знік адтуль. Дзе ён быў і чым займаўся пасля — не ведаю, як не ведаю дакладна і акалічнасцяў справы. Крыміналку завялі за хуліганства, але што менавіта ён там нарабіў, нам ніхто не кажа. Следчы, які вядзе яго справу, нічога нам не паведамляе.
Чуткі ходзяць розныя, але ж тое чуткі.
Вядома, што нешта адбылося ўвосень, але затрымалі сына толькі вясной. Пасля вельмі хутка — нават на дзіва хутка — адправілі ў Беларусь.
Калі я сядзеў, мне сябры паведамілі, што ў Жодзіне і мой Андрэй сядзіць. Я напісаў адміністрацыі, каб мяне перавялі да сына. Гэтага не зрабілі, але пасля гэтага мне лісты і перасталі перадаваць. Але ж чаму яго затрымалі толькі вясной? Знайсці пры жаданні было не цяжка. Ды і на справы за хуліганства ў Расіі часцей заплюшчваюць вочы, чым так пільна расследуюць.
— Я так разумею, вы звязваеце затрыманне старэйшага сына са сваёй справай?
— Пакуль не ведаю. Вось калі на БТ выйдзе фільм пра сям’ю Галко, дзікую, дурную і п’яную, то будзе ясна, што звязана. Пакуль сцвярджаць нічога не буду.
— Але магчыма, ім заняліся, каб яшчэ раз запляміць маё прозвішча.
— А Ян. У ім вы ўпэўнены?
— З Янам я пражыў усё жыццё, гэта была для нас з ім катастрофа, калі я разышоўся з яго мамай. І я таму адразу намагаўся гэта склеіць, жыў на дзве краіны. Мая наступная жонка, Юлія, раўнавала, канечне.
— Але людзі могуць і да яго выхавання шмат пытанняў задаць. Той жа «дзень народзінаў з бухлом». Ян адкрыта курыць у свае 15 гадоў пры вас і пры маці.
— Я гэта разумею. Гэта пытанні маралі, пытанні ўнутрысямейных адносінаў. Так, людзі могуць глядзець негатыўна. Ну пра цыгарэты — я сам з такога ўзросту пачаў курыць, таму не магу сказаць — не рабі так, бо я ў твае гады так не рабіў.
Што тычыцца бухла… Дзеці не былі настолькі п’яныя, якімі іх робяць. Тое, што Ян там, можа, трохі выпіў, для мяне было нечаканасцю. Бо ён і маці абяцаў, што піць не будзе, і звычайна, калі збіраўся з сябрамі, былі такія ж тусоўкі без ніякага спіртнога.
Я алкаголь не ўхваляю, канечне, але за Яна не баюся. У ім я ўпэўнены. Тым больш маю прыклад свайго старэйшага сына, і ведаю, што калі чалавек мае схільнасць да алкаголю, то забаронамі нічога не вырашыць. З Андрэем я цягаўся некалькі гадоў, і туды, і сюды, і на працы розныя яго аддаваў… Нічога не выйшла.
— А што за гісторыя з Янам і нападам педафіла?
— Адбылося гэта ў маі.
Да Яна на вакзале прычапіўся нейкі мужык. Спачатку штосьці казаў, пасля пачаў рукі распускаць.
Ян падрабязнасцямі неахвотна дзяліўся. Вядома, што ён адбіўся, пасля збег. Затым сабраў сяброў, пайшлі шукаць таго мужыка. Добра, што з імі пайшла маці Яна. Мужыка знайшлі, маці Яна не дала яго збіць, сказала, каб вялі ў аддзяленне. Але па дарозе мужык збег ад іх.
— Заяву Ян не пісаў у міліцыю?
Не. Не ведаю чаму, ён не хоча пра гэта гаварыць. Увогуле, пра гісторыю я даведаўся ад адваката.
Я тады быў пад вартай. У Жодзіна. Адвакат расказаў мне, што на Яна напалі, і ён знік. Уявіце мой стан — я за кратамі, старэйшы мой сын таксама, сярэдні знік, малодшы — далёка. Лісты мне не перадаюць, нічога ні пра кога я не ведаю. Капец проста нейкі.
Але я раней думаў, што Яна могуць справакаваць падобным чынам. Нехта нападзе, Ян ударыць, і яго затрымаюць за збіццё.
— Вы казалі, што калі вам у Жодзіна не перадавалі лісты, то вы пагражалі суіцыдам. Бралі «на понт»?
— Не. Я не хацеў забіць сябе, але б сябе паказальна пашкодзіў. Як інструмент ціску на адміністрацыю.
Не ведаю, можа камеру праслухоўвалі, ці хтосьці праз дзверы пачуў. Пасля я адмовіўся ад гэтай ідэі, але на наступны дзень літаральна мне прынеслі стос лістоў.
— Але і ў фэйсбуку вашым нярэдка з’яўляліся пасты, скажам так, з суіцыдальнымі думкамі.
— У мяне калісьці і спроба суіцыду была, але вельмі даўно. Мне было 16 гадоў.
— Калі ўжо вядома было, што будзеце маладым бацькам?
— Я ўжо і быў бацькам. І зразумеў, што ўсклаў на сябе цяжар, які вельмі цяжка несці. Што гэта на ўсё жыццё, пазбавіцца немагчыма. І зразумеў, што я надта малады…
— І што было? Таблеткі?
— Так.
— Хто выратаваў?
— Жонка.
— Гэта быў самы блізкі момант?
— Так. Пасля толькі думкі. Увогуле, у мяне цяжкі характар, дэпрэсіўны, што для беларуса не дзіўна. У мяне жонка-ўкраінка кажа: у вас тут традыцыя такая — дэпрэсаваць ці што?
Не ведаю, можа, клімат у нас такі? Сонца не хапае.
— А чаму ў вас пастаянна мяняюцца працы, стабільнай няма ані ў Беларусі, ані ва Украіне.
— Ва Украіне больш тэхнічная праблема. Працаваць у Марыупалі — дык нават ва Украіне тэма вайны зусім ужо не такая актуальная. А з Кіева я меў прапановы працы, вось толькі не меў магчымасці туды пераехаць па сямейных абставінах.
У Беларусі ж…
Кар’еру я не зрабіў… Я куды спрабаваў? Спрабаваў уладкавацца ў «Анлайнер», быў абсалютна ўпэўнены, што гэта — маё. Я якраз тады ў «Народнай волі» займаўся незаконнымі забудовамі, аварыямі — зусім адышоў ад палітыкі. Тупа хацеў пайсці без усялякіх правакацый проста працаваць за нармальны заробак. З «Анлайнерам» зразумела, што адбылося.
Tut.by? Мяне ненавідзіць Зісер, бо я бэсціў яго за выказванні пра маці Кавалёва, пра Жызнеўскага.
А куды яшчэ можа пайсці незалежны журналіст? Дзяржаўныя медыя я не разглядаю зусім. Вышэйшыя прыступкі — tut.by і «Анлайнер».
— Але ж быў і «Беларускі партызан», і «Эканамічная газета». І там не атрымалася ўтрымацца надоўга.
— Зразумела, пэўным чынам, мае звальненні звязаныя з асаблівасцямі характару, чамусьці лічыцца, што я са скандаламі сыходзіў. Але ж я б так не сказаў. У 2011 годзе «Радыё Свабода» палічыла прычыны майго сыходу скандальнымі, але я ні пра іх, ні пра рэдакцыю нічога кепскага не казаў. Проста тады, пасля Плошчы-2010, сядзелі людзі, сядзелі за палітыку, я быў у страшнай дэпрэсіі праз тое, што адбываецца ў краіне, я фактычна не мог працаваць журналістам, тупа не мог выконваць свае абавязкі, здавалася, што трэба крыкам крычаць толькі пра палітвязняў.
Партызан… Там не было канфліктаў. Мы маглі б паразумецца са Святланай Калінкінай, але ёй не спадабалася, што я шмат часу засяроджваюся на міжнародных праблемах. Але мне якраз было цікава пераклады рабіць, пісаць, што там у «пендосаў», у французаў… Але сышоў я мірна.
З «Эканамічнай газетай» была іншая гісторыя. Мне прапанавалі працягнуць працу, але пад псеўданімам. Гэта было пасля таго, як прыйшла ў рэдакцыю ананімка.
— Гэта было пасля няшчаснага дня народзінаў сына?
— Так. Вялікі ліст такі. Хтосьці напісаў, маўляў, паглядзіце, Галко — п’яніца, хуліган і агент КДБ, ён вазіў дзяцей у Курапаты, а пасля нібыта іх там напаіў… Лухта, карацей, розная.
Не ведаю, хто гэта мог напісаць, міліцыя можа? Але ж чаму тады я агент КДБ у негатыўным сэнсе? (пасміхаецца).
«Эканамічная газета» — выданне, не вернападданае ўладзе, але лаяльнае. Ну і яны трохі напружыліся. Але ж там я ад’язджаў ва Украіну і сышоў. Таксама ціха і мірна.
— Пра такіх, як вы, мая бабуля казала: «Гэты сваёй смерцю не памрэ».
— Мне заўсёды цытавалі пра Тома Соера выраз: «Быць табе прэзідэнтам, калі раней не павесяць». Магчыма так і будзе, хто яго ведае (смяецца).
«Глазок в дверях надо иметь. И милиционеров в квартиру не пускать»