Магчымую базу «Арэшніку» пад Крычавам узмоцнена ахоўваюць комплексамі супрацьпаветранай абароны. Спадарожнікавыя здымкі
Каля тэрыторыі былога вайсковага аэрадрому пад Крычавам, дзе Расея ў цяперашні час можа разгортваць балістычны ракетны комплекс «Арэшнік», зь лістапада 2025 году зьявіліся абсталяваныя пазыцыі для сродкаў супрацьпаветранай абароны і радыёэлектроннай барацьбы. Гэта заўважылі журналісты-расьсьледнікі Свабоды, прааналізаваўшы разам з вайсковым экспэртам апошнія спадарожнікавыя здымкі месца.
На спадарожнікавым здымку сэрвісу Planet Labs, зробленым 17 лютага 2026 году, у радыюсе пяці кілямэтраў вакол былога вайсковага аэрадрому Свабода налічыла ня менш за шэсьць абсталяваных пазыцыяў з вайсковай тэхнікай.
Частка гэтай тэхнікі сваёй канфігурацыяй і ценямі, што яна адкідвае, нагадвае расейскія зэнітна-ракетныя комплексы «Тор-М2» ці сучасны зенітны ракетна-гарматны комплекс «Панцыр», іншая — комплексы радыёэлектроннай барацьбы тыпу «Красуха» ці «Москва-1». Але якасьць спадарожнікавага здымку не дазваляе вызначыць тып тэхнікі дакладна.
Уся пералічаная тэхніка прызначаная для абароны важных аб’ектаў ад авіяцыі, бесьпілётнікаў і ракетных удараў. Іх задача — выяўленьне паветраных цэляў, пры патрэбе іх перахоп, а таксама здушэньне сродкаў навігацыі і кіраваньня праціўніка.
З спадарожнікавых здымкаў таксама вынікае, што першая тэхніка для супрацьпаветранай абароны пачала зьяўляцца на пазыцыях у ваколіцах аэрадрому пад Крычавам на пачатку лістапада, калі закладаліся першыя падмуркі будынкаў вайсковай базы на ўзьлётна-пасадачнай паласе. У сярэдзіне сьнежня — прыкладна тады, калі Аляксандар Лукашэнка заявіў пра «заступленьне на баявое дзяжурства» у Беларусі ракетнага комплексу «Арэшнік» — такіх пазыцыяў навокал аэрадрому ўжо было як мінімум шэсьць.
На 17 лютага 2026 году адна з абсталяваных пазыцыяў з вайсковай тэхнікай знаходзіцца каля вёскі Зарубец, дзьве — каля вёскі Ганнаўка, адна — каля вёскі Палошкава, адна — каля вёскі Красная Буда, таксама абсталяваная пазыцыя зь некалькімі машынамі, некаторыя зь якіх могуць быць радыёлякацыйнымі станцыямі, на ўскрайку вёскі Новыя Дамамерычы. Вакол некаторых з гэтых лякацыяў выкапаныя невялікія акопы, вакол часткі зь іх насыпаныя невялікія абарончыя земляныя валы.
У цэнтральнай частцы вайсковага мястэчка на тэрыторыі былога вайсковага аэрадрому на тым жа месцы, што зафіксаванае на раней прааналізаваных Свабодай здымках ад 9 лютага, знаходзяцца 6 вялікіх машын. На думку экспэртаў, яны могуць належаць ракетнаму комплексу «Арэшнік». Іх памер і прапорцыі адпавядаюць памерам паказанай 30 сьнежня 2025 году міністэрствамі абароны Расеі і Беларусі тэхнікі, якая тады нібыта «заступіла на баявое дзяжурства». Вакол гэтай тэхнікі працягваюць узводзіць ангар.
На здымках таксама можна заўважыць аб’ект, які канфігурацыяй нагадвае зэнітна-ракетны комплекс С-300.
Як адзначыў у камэнтары Свабодзе ўкраінскі авіяцыйны экспэрт, намесьнік дырэктара кампаніі – вытворцы прыладаў для радыёэлектроннай барацьбы Анатоль Храпчынскі, з прааналізаваных ім здымкаў можна зрабіць выснову, што каля аэрадрому пад Крычавам можа стварацца шматузроўневая сыстэма супрацьпаветранай абароны. І яна, на думку экспэрта, выглядае абсалютна лягічнай у выпадку разьмяшчэньня ў гэтым месцы комплексу накшталт «Арэшніку».
«Калі Расея разьмяшчае міжкантынэнтальную балістычную ракету або комплекс кшталту “Арэшніку”, яна ў кожным разе будзе будаваць сыстэму супрацьпаветранай абароны для прыкрыцьця гэтага аб’екту, бо ён мае для яе стратэгічнае значэньне. І адпаведна эшалянаваную мадэль такой абароны: сыстэмы вялікай далёкасьці, напрыклад клясы С-300, могуць прыкрывацца комплексамі бліжэйшага дзеяньня накшталт “Панцыру” або “Тору”. Гэта ў прынцыпе супадае з тым, што мы бачым з канфігурацыі ценяў ад тэхнікі і яе разьмяшчэньня на спадарожнікавых здымках. Такім чынам перакрываюцца “сьляпыя зоны” і забясьпечваецца комплексная абарона аб’екту».
Экспэрт таксама адзначае, што характар аховы, а таксама вялікая колькасьць разнастайнай тэхнікі сьведчыць пра вялікую значнасьць аб’екту для ўладаў Расеі і Беларусі:
«Гаворка ідзе пра закрытае вайсковае мястэчка з калясальным узроўнем абароны — як наземнай, так і паветранай. Такі ўзровень прыкрыцьця звычайна атрымліваюць сапраўды важныя аб’екты».
