ru24.pro
World News in Belarusian
Декабрь
2024
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31

Выдаўцы беларускіх кніг — «Людзі Cвабоды – 2024»

0
Выдаўцы беларускіх кніг, якія нясуць у сьвет вольнае слова, сталі ляўрэатамі прэміі «Людзі Cвабоды – 2024».


Беларуская служба Радыё Свабода штогод прысуджае гэтую сымбалічную ўзнагароду тым, хто пашырае межы свабоды для сябе, Беларусі, сьвету.




Масавыя рэпрэсіі, якія пачаліся пасьля жніўня 2020 году ў Беларусі, закранулі ня толькі палітыкаў, грамадзкіх актывістаў і ўдзельнікаў пратэстаў у самых розных іх формах. Пад перасьлед трапілі і дзеячы беларускай нацыянальнай культуры, у тым ліку паэты, пісьменьнікі і выдаўцы. Празь ціск з боку ўладаў і арышты супрацоўнікаў у Беларусі закрываліся кнігарні і месцы распаўсюду беларускіх кніг, выдаўцы былі вымушаныя пераяжджаць за мяжу.


Але ня ўсе яны спынілі дзейнасьць. Больш як праз чатыры гады пасьля пачатку рэпрэсій за мяжой і ў Беларусі па-ранейшаму дзейнічае каля двух дзясяткаў выдавецтваў, дзе працягваюць выходзіць беларускія кнігі. Валянціна Андрэева, Павал Анціпаў, Мікіта Белаглазаў, Ігар Іваноў, Яраслаў Іванюк, Алена Казлова, Тацяна Нядбай, Дзьмітры Строцаў, Сяргей Шупа, Андрэй Янушкевіч і іншыя цяпер працуюць у Кракаве, Варшаве, Беластоку, Вільні, Бэрліне, Лёндане, Празе. Некаторым з выдаўцоў яшчэ ўдаецца займацца выданьнем беларускіх кніг на радзіме, нягледзячы на ціск з боку дзяржавы і прапагандыстаў. Расказваем пра «Людзей Свабоды — 2024», дзякуючы якім вы па-ранейшаму можаце купляць беларускія кнігі.


Валянціна Андрэева, выдавецтва «Гутэнбэрг» (Кракаў)

Валянціна Андрэева скончыла Беларускі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт. Усё сваё сьвядомае жыцьцё займаецца выданьнем беларускіх кніг. Адна з заснавальнікаў студыі imago.by https://imago.by/ «Старадаўнія карты і гравюры», рэдактарка часопіса «Наша гісторыя», дасьледчыца тэксталёгіі.


У 2022 годзе Валянціна Андрэева вымушана пакінула Беларусь, цяпер жыве ў Кракаве.




«Мы пачалі з удзелу ў праекце выданьня календара „Мова вольных“. Два гады рабілі адрыўны каляндар зь перакладамі беларускіх словаў на розныя мовы», — расказвае Валянціна.


Увесну 2023-га было зарэгістравана выдавецтва «Гутэнбэрг». Назва ў гонар Францішка Скарыны была ўжо занятая лёнданскім выдавецтвам, а Валянціне хацелася назваць сваё словам, важным для ўсіх людзей. Спыніліся на вынаходніку друкарскага станка Гутэнбэргу. Аднак свайго Гутэнбэрга беларускія выдаўцы называюць ня Ёганам, а на беларускі лад — Янам.


«У 2023 годзе мы выдалі 12 пазыцый — кнігі, календары, пазлы, настолкі. У 2024-м ужо толькі кніг выдадзена 17. Пачалі выдаваць па-беларуску Сашу Філіпенку, на падыходзе ўжо трэцяя кніга — „Чырвоны крыж“. Выдалі некалькі дзіцячых кардонных кніг Андрэя Скурко і Вольгі Кузьміч. Выдаём настольныя гульні. Навінка — гульня „Шляхта“. Беларусам, якія выехалі з радзімы, неабходна сустракацца, кантактаваць, і настолкі ў гэтым вельмі дапамагаюць», — расказвае Валянціна пра сёлетнія навінкі.


Усе выданьні «Гутэнбэрга» можна набыць на сайце ці ў беларускіх кнігарнях у Варшаве («Кнігаўка», «Крама»), у Вільні ды іншых гарадах.


 


Павал Анціпаў, выдавецтва «Мяне няма» (Варшава)

Павал Анціпаў — літаратар, у 2013–2019 гадах быў першым намесьнікам старшыні Беларускага ПЭН-цэнтру. Аўтар кніг «Памятка на адпачынку», «Апавяданьні пра людзей». Ягоныя апавяданьні друкаваліся ў часопісах «Дзеяслоў», «День и ночь», «Дружба народов», «Илья», «Монолог», «Паміж», «Студэнцкая думка». Цяпер працуе ў Варшаве.


Заснаваць выдавецтва Павал задумаў два гады таму, яно існавала бяз назвы, але момантам нараджэньня можна лічыць верасень 2023 году.




«Тады ў фэйсбуку я зрабіў пост: «У нас ёсьць кніжка Валянціна Акудовіча, мы стварылі выдавецтва „Мяне няма“ — будзем выдаваць літаратуру, якая не магла быць выдадзеная ці яе не перавыдаюць, ня можа яна дабрацца да чытача, бо выдаўцы занятыя нейкімі іншымі кніжкамі», — кажа Анціпаў.


Перавыданьне зборніка эсэ Валянціна Акудовіча «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека» і стала першай кнігай.


«Ідэя была як мага хутчэй выдаваць беларускія кніжкі, каб напоўніць рынак. І выдаваць першую кніжку пісьменьніка, бо для літаратара вельмі важна, калі ў яго выходзіць першая кніжка. Выйшла сёлета 5 кніг — у першы поўны год нашай працы», — тлумачыць Павал.


З часам ідэя крыху скарэктавалася: выдавецтва «Мяне няма» цяпер выпускае сучасную беларускую літаратуру, а таксама перавыдае актуальную літаратуру XXI стагодзьдзя, бо многія кнігі сталі ўжо бібліяграфічнай рэдкасьцю.


Павал Анціпаў расказвае, што ў выдавецтва вельмі строгі фармат: там могуць выдавацца толькі беларусы ці тыя, хто піша пра Беларусь. Ніякіх перакладаў, ніякай замежнай літаратуры.


Кнігі выдавецтва «Мяне няма» можна купіць на сайце, у Варшаве ў кнігарні «Кнігаўка», у Беларускім моладзевым хабе, у Бэрліне і Вене ў сетцы кнігарняў «Бабель», а таксама ў Тэль-Авіве і нават у ЗША — у краме «Глёбус» у Сан-Францыска.


 


Мікіта Белаглазаў, аўдыёвыдавецтва Audiobooks.by (Варшава)

Беларускі айцішнік Мікіта Белаглазаў пасьля заканчэньня факультэту прыкладной матэматыкі БДУ ўладкаваўся працаваць у кампанію Google і пераехаў у ЗША. Пражыў там дзевяць гадоў. А на пачатку 2024-га перабраўся ў Варшаву, каб быць бліжэй да Беларусі, куды абяцае абавязкова вярнуцца.


 




Аўдыёкнігі Мікіта слухае з 2014-га. Спачатку слухаў па-ангельску. Дзесьці ў 2020 годзе пачаў шукаць менавіта беларускамоўныя выданьні сучасных аўтараў. Высьветлілася, што іх вельмі мала.


«Я быў не зусім у тэме, але мне здавалася, што аўдыёкніжкі больш-менш вядомых аўтараў ёсьць. Захацеў паслухаць кнігу Віктара Марціновіча „Мова“. Высьветлілася, што такой аўдыёкнігі няма. Захацелася неяк выправіць сытуацыю. Вось і зьявілася ідэя запісваць аўдыёкнігі», — дзеліцца Мікіта.


Знайшоў аднадумцаў сярод сваіх калег-матэматыкаў. Вырашыў, што можа частку заробку аддаваць на выпуск аўдыёкніг. На яго думку, выходзіць ня вельмі дорага — выдаткі на адну аўдыёкнігу складаюць ад 500 да тысячы даляраў, у залежнасьці ад памеру твору. Кніга начытваецца адным голасам, бяз музыкі.


Ужо запісалі дзясяткі кніг, у тым ліку творы Альгерда Бахарэвіча, Сьцяпана Стурэйкі, Кормака Маккарці, Кена Кізі ды іншыя.


Паколькі аўдыёкнігі ствараюцца таксама выдавецтвамі «Камунікат», «Кніжны воз» ды іншымі, выдаўцы зрабілі сайт audiobooks.by.


На ім можна знайсьці літаратурныя навінкі: «Халоднае крыло радзімы» Алеся Бяляцкага, «Палескія рабінзоны» Янкі Маўра, «Час пустазельля» Ганны Янкуты, «Мая мама ў турме» Вольгі Вялічкі. А ўсяго на сайце сабрана некалькі соцень аўдыёкніг, сярод іх і тыя, што запісвалі і «Камунікат», і «Кніжны воз».


 


Ігар Іваноў, выдавецтва «Скарына» (Лёндан)

Ігар Іваноў у Беларусі скончыў гістфак БДУ. Жыве ў Вялікай Брытаніі з 1998 году, вывучаў там багаслоўе і інфармацыйны мэнэджмэнт. Дапамагаў паэтцы і перакладчыцы зь беларускай Веры Рыч выдаваць паэтычны часопіс Manifold. Рэдагаваў каталіцкі ЛГБТ-часопіс Quest Digest. На пачатку 2000-х стварыў першы беларускі вэбсайт у Вялікай Брытаніі. Працуе ў сфэры вышэйшай адукацыі.




Разам з аднадумцамі з Брытаніі, Нямеччыны і Літвы Ігар Іваноў стварыў у Лёндане выдавецтва «Скарына».


«Гэта быў такі сумны час, калі ўсё незалежнае ў Беларусі было зачышчана ці на шляху да таго. А ў дыяспары было зусім мала выдавецтваў. Тут, у Лёндане, было ўсьведамленьне, што асяродак вельмі моцны інтэлектуальна. У тым ліку праз Скарынаўскую бібліятэку, куды прыяжджае шмат дасьледчыкаў. Жыцьцё актыўнае. І невялікая група актывістаў і дасьледнікаў проста сабраліся і вырашыла: калі ёсьць бібліятэка, ёсьць царква — чаму б ня мець выдавецтва?


Спачатку мы меркавалі, што першаснай задачай будзе запаўняць прагалы, якія зьявіліся ад таго, што закрыліся выдавецтвы ў Беларусі, але зь цягам часу зразумелі, што ў Лёндана ёсьць характар і вельмі шмат напрацовак, якія ня знойдуць шляху да чытачоў, калі гэтага не зрабіць», — кажа Ігар Іваноў.


За апошні год выйшла больш як дзесяць кніг. Адной з пэрлінаў выдавец лічыць фотаальбом з этнаграфічнай экспэдыцыі Вацлава Ластоўскага 1928 году.


«Сёлета ў нас атрымалася перазьняць усе здымкі, што захаваліся, напісаць якасны артыкул, пераасэнсаваць спадчыну гэтай экспэдыцыі», — кажа Ігар Іваноў.




Каманда ад самага пачатку вызначылася, што будзе «выдавецтвам дыяспары ў дыяспары». І гэта, напэўна, ня зьменіцца і тады, калі адбудуцца перамены ў Беларусі.


«Гэта нармальна, беларусы заўсёды пераяжджалі — і пасьля Першай, і пасьля Другой усясьветных войнаў, і цяперашняя хваля эміграцыі. Але мы вельмі хутка сутыкнуліся з рэальнасьцю геаграфічных адлегласьцяў», — прызнаецца спадар Іваноў.


Ён тлумачыць, што кнігі трэба вазіць, ёсьць мытныя абмежаваньні. Да таго ж кніга — цікавы артэфакт, людзі рэагуюць на яго, калі бачаць, могуць пагартаць, памацаць, паразмаўляць з аўтарамі.


«Таму для нас быць у Лёндане і думаць, што нашы кнігі дасягнуць аўдыторыі, напрыклад, у Польшчы, — нерэальна. Мы шмат вандруем, езьдзім паўсюль, куды нас запрашаюць, напрошваемся ў госьці. Возім нашых аўтараў на сустрэчы з чытачамі. Гэта, безумоўна, стамляе. Але гэта вельмі прыемны аспэкт жыцьця. Выдавецтва — гэта ж ня толькі пра кнігі, гэта яшчэ і пра супольнасьць, пра людзей, якія сочаць за нашай працай, чытаюць рэцэнзіі, прыходзяць на сустрэчы — ад гэтага неймавернае задавальненьне атрымліваеш», — кажа беларускі выдавец зь Лёндану.


Яраслаў Іванюк, фонд Кamunikat.org (Беласток)

Яраслаў Іванюк — радыёжурналіст, праграмны дырэктар Беларускага Радыё Рацыя. Этнічны беларус, нарадзіўся ў Бельску Падляскім каля Беластоку. Яшчэ ў 2020 годзе пачаў ствараць інтэрнэт-бібліятэку «Камунікат».


 




Цяпер на «Камунікаце» больш за 60 тысяч рознага кшталту беларускіх публікацый. Яраслаў жартуе, што раней «Камунікат» працаваў пад лёзунгам «Беражы лес — чытай кнігі на Кamunikat.org». Але тры гады таму пачалі выдавецкую дзейнасьць.


«Да гэтага нас прымусіла сытуацыя ў Беларусі. У лістападзе 2021 году мы выдалі раман Уладзімера Някляева „Гэй Бэн Гіном“ — сам аўтар зьвярнуўся да нас з такой прапановай.


З таго часу мы выдалі больш за 40 кніг, зь іх 13 кніг Уладзімера Арлова, зь ім правялі шэраг аўтарскіх сустрэч па ўсёй Эўропе. Паўсюль сустракаліся зь беларускай дыяспарай», — расказвае Іванюк.


«Камунікат» выдаваў кнігі Васіля Быкава, Валянціны Аксак, Ганны Янкуты, Барыса Пятровіча, Анхэлі Эсьпіносы, Андрэя Хадановіча, Зьмітра Дзядэнкі, Алеся Аркуша, Алега Мінкіна ды іншых. Таксама ёсьць і аўдыёкнігі — «Пяцікніжжа» Сьвятланы Алексіевіч, творы Валянціна Акудовіча, Зьмітра Бартосіка.


Навошта радыёжурналісту і стваральніку найбуйнейшай беларускай інтэрнэт-бібліятэкі выдавецкая дзейнасьць?


«Вельмі рэдка кнігі выдаюцца з дакладнай „дзённай“ датай. Але сярод такіх выданьняў ёсьць „Псалтыр“ Францішка Скарыны, які датуецца 6 жніўня 1517 году. Я таксама нарадзіўся 6 жніўня (праўда, значна пазьней). Магчыма, гэта таксама вызначае, што я займаюся кнігамі».


 


Алена Казлова, жаночае выдавецтва «Пфляўмбаўм» (Вільня)

Алена Казлова — пісьменьніца (піша пад псэўданімам Анка Ўпала), перакладчыца з ангельскай, фінскай, швэдзкай моваў, галоўная рэдактарка выдавецтва «Пфляўмбаўм». Жыве ў Бэрліне.


«Пфляўмбаўм» заснавалі як выдавецкую ініцыятыву ў 2019 годзе ў Беларусі.




Алена Казлова расказала, як у 2019-м сустрэлася ў аэрапорце з нобэлеўскай ляўрэаткай Сьвятланай Алексіевіч, калі яны разам ляцелі на Варшаўскі кніжны кірмаш.


«Сьвятлана прапанавала зрабіць разам жаночае выдавецтва, падтрымліваць пісьменьніц, таму што ім цяжэй прыцягваць увагу да сябе. Магчыма, людзі з большым скептыцызмам ставяцца да інтэлектуальнага даробку жаночага, ня бачаць пісьменьніц як топавых, галоўных асобаў у беларускай літаратуры. Дый у школьнай праграме вобмаль пісьменьніц. Я пагадзілася быць галоўнай рэдактаркай. У пэўны час мне давялося ўзяць на сябе функцыі і дырэктаркі», — дзеліцца Алена Казлова.


Першымі кнігамі выдавецкай ініцыятывы былі «Па што ідзеш, воўча?» Евы Вежнавец і «Райцэнтар» Тані Скарынкінай. Таксама выходзіла ў супрацы зь іншым выдавецтвам кніга «Я ёсьць рэвалюцыя» Юлі Арцёмавай. Гэтыя кніжкі былі адразу заўважаныя, кажа Алена.


«Першыя дзьве зьнялі адпаведна першае і другое месца ў конкурсе імя Ежы Гедройця, чаго не было ніколі. Гэта сьведчыць пра тое, што калі жанчынам удзяляецца належная ўвага, калі да іх з належнай павагай ставяцца, тады і вынік можна атрымаць», — ганарыцца Алена.


Са студзеня 2023 году выдавецтва «Пфляўмбаўм» зарэгістраванае ў Літве, выдае мастацкую і нон-фікшн літаратуру для дарослых.


«У нас у Вільні літоўская дырэктарка Нэрынга Левансявічуце, яна вельмі кампэтэнтная, дасьведчаная. Я гэтаму вельмі рада, бо яна ўзяла на сябе воз працы, зьвязанай з дакумэнтамі, з банкам, з аўтарскімі дамовамі. Мы ня толькі падпісваем іх з аўтаркамі, але і купляем аўтарскія правы, прадаём іх. Таксама прадаём ліцэнзіі на кнігі нашых пісьменьніц», — кажа Алена Казлова.


Тацяна Нядбай, выдавецтва «Полацкія лябірынты» (Варшава)

Тацяна Нядбай — літаратарка, праваабаронца, старшыня Беларускага ПЭНу. Родам з Полацку. Вучылася ў Менску, Вільні і Любліне. Мае ступень доктара (PhD) гуманітарных навук у галіне славянскага літаратуразнаўства. У 2015 годзе вярнулася ў Беларусь, працавала ў галіне незалежных мэдыя, з 2017 году — у Беларускім ПЭН-цэнтры. Аўтарка дзьвюх паэтычных кніг «Сырэны сьпяваюць джаз» (2014) і «Там, за сьцяной». Ляўрэатка прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча і прэміі «Залатая літара». У ліпені 2021-га мусіла дзеля бясьпекі пакінуць Беларусь і перавезьці офіс Беларускага ПЭНу зь Менску ў Варшаву.


 




Выдавецкай дзейнасьцю Тацяна Нядбай пачала займацца яшчэ ў Беларусі. Кажа, што ўпершыню выкарыстала назву «Полацкія лябірынты» ў 2014 годзе, калі выходзіла яе першая паэтычная кніга.


«Так склалася з прычыны розных абставінаў. Перадусім, бо была цэнзура. Кніга не магла выйсьці ў ніводным выдавецтве Беларусі ў тым выглядзе, у якім я хацела. І тады мы зрабілі такі „фінт вушамі“ — фактычна я здабыла ISBN (унікальны кодавы нумар для афіцыйна выдадзенай кнігі. — РС) у Польшчы, яны даваліся бясплатна. Мы пазначылі назоў „Полацкія лябірынты“. Пазьней, калі я апынулася ў Варшаве, паўстала неабходнасьць зноў выдаваць некаторыя кнігі», — расказвае Тацяна.




І ўдакладняе, што Беларускі ПЭН, які яна ўзначальвае, не займаецца выдавецкай дзейнасьцю. Каб разьвесьці гэтыя плыні, каб тое, што трэба выдаваць, ня клалася цяжарам на дзейнасьць ПЭНу, Тацяна стварыла выдавецтва.


«Тое, што выходзіць у „Полацкіх лябірынтах“, я раблю фактычна для тых і за тых, хто ня мае магчымасьці сам гэта зрабіць. Гэта палітвязьні Алесь Бяляцкі, Максім Знак, якія сядзяць у турме. Я перакананая, што сьвет павінен пабачыць гэтыя кнігі, пачуць іх галасы. Другі кірунак, які мне хацелася б рэалізаваць у выдавецтве „Полацкія лябірынты“, — гэта нон-фікшн, які дазволіў бы зафіксаваць той няўлоўны час, які неабходна фіксаваць ня толькі дзеля таго, каб запомніць. А дзеля таго, каб расстаўляць акцэнты — што было важна і што не. Тое, што ўцякае, як вада ў пясок», — тлумачыць Тацяна Нядбай.


Па яе словах, выдавецтва «Полацкія лябірынты» некамэрцыйнае, прыбытак ад усіх пазыцый ідзе на падтрымку ўразьлівых групаў людзей.


 


Дзьмітры Строцаў, выдавецтва Hochroth Minsk (Бэрлін)

Дзьмітры Строцаў — беларускі паэт і выдавец, піша на расейскай мове. Нарадзіўся ў Менску, па адукацыі архітэктар. Аўтар 24 кніг. Ляўрэат шматлікіх літаратурных прэмій: Norwegian Authors’ Union’s Freedom of Speech Award, Ciampi — Valigie Rosse Prize (абедзьве 2020 году), Swedish PEN’s Tucholsky Award (2021), прэміі Фонду Бібліятэкі Вацлава Гавэла (2021), прэміі Беларускага ПЭНу імя Алеся Адамовіча (2021). Яго вершы перакладзеныя больш як на 20 моў.


Паэт Дзьмітры Строцаў вымушаны быў эміграваць зь Беларусі ў Нямеччыну пасьля падзей 2020 году. Беларускае выдавецтва Hochroth Minsk было заснавана як аддзяленьне нямецкага Hochroth Verlag, расказвае ён.




«Гэта садружнасьць выдавецтваў, якія дзейнічаюць у 5–6 нямецкіх гарадах. Ёсьць і філіі ў Вене, Парыжы, Будапэшце, Рызе. Я зьвярнуўся да немцаў з прапановай адкрыць і беларускую філію. Яны мяне прынялі ў сваю супольнасьць. Гэта такі сяброўскі жэст з боку нямецкіх калег», — тлумачыць Строцаў.


Выдавецтва Hochroth Minsk публікуе ў асноўным сучасных беларускіх паэтаў. Тых, хто жыве ў Беларусі, і тых, хто быў вымушаны ўцякаць з краіны ў апошнія гады. У выдавецтве з моманту яго ўтварэньня выйшлі зборнікі вершаў на беларускай, расейскай, польскай мовах і на ідышы. Таксама апублікаваныя пераклады на некаторыя эўрапейскія мовы.


«Я ўсё жыцьцё выдаю паэзію і, апынуўшыся за мяжой, працягваю гэтым займацца. Паэзія — гэта ня бізнэс, у мяне як ва ўцекача няма рэсурсаў. Таму выбраў стратэгію, якую падказалі нямецкія калегі.




Яны выдаюць паэзію без выкарыстаньня паліграфічных магутнасьцяў, усе кніжкі робяцца ўручную, амаль у хатніх умовах, з выкарыстаньнем некалькіх інструмэнтаў. Такім чынам, няма неабходнасьці друкаваць вялікія наклады, разьмяшчаць іх на складах. Кнігі робяцца, калі ёсьць заказы. Або пад імпрэзу: калі праводзіцца фэстываль, кніжны кірмаш або бібліятэка папрасіла», — тлумачыць Дзьмітры Строцаў.


У гэтым асаблівасьць выдавецтва Hochroth Minsk. Кнігі выдавецтва маюць адзіны дызайн, вырабляюцца паштучна мануфактурным мэтадам, кожны асобнік пранумараваны.


 


Сяргей Шупа, выдавецтва «Вясна» (Прага)

Сяргей Шупа скончыў Менскі інстытут замежных моваў, працаваў у выдавецтве «Мастацкая літаратура», Скарынаўскім цэнтры, на Радыё Свабода. Аўтар архіўнага раману «Падарожжа ў БНР». Перакладаў, сярод іншага, творы Х. Л. Борхеса, Г. Г. Маркеса, М. Кульбака, М. Ергавіча, Э. По, Б. Шульца, Э. Керэта, Л. Дарэла, Б. Віяна, Дж. Джойса, А. Шкемы, Ю. Кунчынаса. Ляўрэат прэміі Беларускага ПЭН-Цэнтру імя Алеся Адамовіча, тройчы ляўрэат прэміі Беларускага ПЭН-Цэнтру імя Карласа Шэрмана.


Сяргей Шупа заснаваў выдавецтва «Вясна» ў 2018 годзе. Пачыналі з выданьня маленькіх раманаў Мойшэ Кульбака, узгадвае Сяргей.




«„Вясна“ зусім не задумвалася як дыяспаральнае выдавецтва, якое абслугоўвае толькі беларускую дыяспару і эміграцыю. Мы друкавалі кнігі ў Чэхіі, дасылалі іх у Беларусь, а наш калега, сябар і партнэр Андрэй Янушкевіч, маючы там сваё выдавецтва, пасьпяхова прадаваў іх у Менску. Усё было добра, але здарыўся 2020 год, і гэтая брамка зачынілася», — расказвае выдавец.


Выдавецтва «Вясна», кажа Сяргей Шупа, у выніку апынулася ў даволі складаных умовах.


«Выдаваць нам няцяжка, але з дыстрыбуцыяй кніжак узьніклі праблемы. Мы актыўна ўдзельнічаем у фэстывалях, кніжных кірмашах. І ў беларускіх кшталту „Прадмовы“ (ужо тройчы бралі ўдзел), і ў міжнародных кніжных кірмашах — у Франкфурце, Катавіцах. Езьдзім паўсюль, дзе ёсьць беларусы», — кажа Сяргей Шупа.


Сярод навінак выдавец адзначае кнігі «Там, дзе няма цемнаты» «свабодаўца» Аляксандра Лукашука, «Занзібар» і «Стагодзьдзе НН» таксама «свабодаўца» Сяргея Дубаўца, «Марнатраўны сын» Фелікса Аксёнцава, «Зэлмэняне» Мойшэ Кульбака, другі том «Гісторыі розьнічнага гандлю Беларусі» ды іншыя.


Выдавец тлумачыць, што ў Чэхіі ніякіх ліцэнзій, дазволаў атрымліваць ня трэба, можна працаваць як індывідуальны прадпрымальнік, галоўнае — плаціць падаткі.


Андрэй Янушкевіч, выдавецтва «Янушкевіч» (Варшава)

Андрэй Янушкевіч — па адукацыі гісторык, скончыў гістфак Горадзенскага ўнівэрсытэту, абараніў кандыдацкую дысэртацыю. Працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук, Інстытуце правазнаўства, намесьнікам дырэктара Замкавага комплексу «Мір». У 2014 годзе заснаваў выдавецтва «Янушкевіч». У 2022-м пасьля арышту і разгрому кнігарні «Кнігаўка» пераехаў у Варшаву.


Выдавецтва «Янушкевіч» заснавана ў Беларусі ў 2014 годзе, спэцыялізавалася на выданьні гістарычных кніг, а з 2017 году пераключылася на ўнівэрсальны зьмест. Менавіта «Янушкевіч» выдаў па-беларуску ўсясьветныя бэстсэлеры «Гары Потэр», «Уладар пярсьцёнкаў», «1984».




16 траўня 2022 году выдавецтва «Янушкевіч» адкрыла ў Менску ўласную кнігарню «Кнігаўка». У гэты ж дзень у кнігарню прыйшлі прапагандысты Рыгор Азаронак і Людміла Гладкая, затым сілавікі. Супрацоўнікаў Андрэя Янушкевіча і Насту Карнацкую завезьлі ў ізалятар на завулку Акрэсьціна, пазьней асудзілі адпаведна на 23 і 28 сутак. З 2022 году выдавецтва дзейнічае ў Польшчы.


«У Беларусі былі гады, калі ўдавалася выдаваць па 30 кніжак, у Польшчы атрымалася выдаць 20 пазыцый. Амаль год назад мы адкрылі стацыянарную кнігарню ў Варшаве — гэта была адна з найважнейшых падзей у нашым жыцьці. Мы не пачыналі з нуля, у нас ужо быў выдавецкі досьвед, партфэль, каманда. Да таго ж у Польшчы была вялікая беларуская чытацка-пакупніцкая аўдыторыя. Нават не прыйшлося вялікіх высілкаў прыкладаць — слава нас саміх дагнала», — кажа выдавец.


Але аптымізм, які быў у мінулым годзе, зьнікае, прызнаецца Янушкевіч. Сёлета не ўдалося выпусьціць па-беларуску чацьвёртую кнігу пра Гары Потэра. Брытанскі праваўладальнік «The Blair Partnership» адмовіўся працаваць зь незалежным беларускім выдавецтвам у выгнаньні. Прычына — заходнія санкцыі.




«Мы рухаемся вельмі павольнымі тэмпамі, бо беларуская культура не мацнее. Калі пакласьці тое, што зроблена, на час, нейкага рыўка, прарыву не назіраецца. Хацелася б якасных зьмен. На жаль, я бачу, што наша культура топчацца на месцы. Таму што занадта слабыя культурныя суб’екты, тыя, хто творыць. Усё-такі датацыйная падтрымка неабходная, каб не губляць часу. Да прыкладу, мы зараз маглі б запусьціць 8 кніжак, а запусьцім толькі 4 — з прычыны адсутнасьці рэсурсаў», — кажа выдавец.


Хто яшчэ выдае беларускую літаратуру

Ёсьць яшчэ валянтэрскі праект «Галіяфы», які сам кніг не выдае, а супрацоўнічае зь іншымі замежнымі выдавецтвамі, расказаў заснавальнік «Галіяфаў» Зьміцер Вішнёў.


Праект «33 кнігі для Беларусі»



Беларуска Ірына Герасімовіч і прафэсарка Цюрыхскага ўнівэрсытэту Сільвія Засэ таксама выдаюць кнігі па-беларуску. Сёлета выйшаў «Слоўнік вайны» Астапа Слівінскага, анталёгія беларускай экспэрымэнтальнай драматургіі «НеТутэйшыя», кніга Валянціна Акудовіча «Шолах моўчы»
Дзіцячае выдавецтва «Koska» выдае швэдзкія кнігі для дзяцей па-беларуску.
Працягвае працу выдавецтва «Логвінаў» Ігара Логвінава, яно публікуе трэцяе выданьне культавага рамана Ігара Бабкова «Адам Клакоцкі і ягоныя цені». Таксама выйшлі кнігі Агаты Крысьці, Поля Элюара.


 


Нягледзячы на ціск і рэпрэсіі, некаторыя незалежныя кніжныя выдавецтвы, дзе выходзяць кнігі па-беларуску і новыя творы беларускіх аўтараў, працягваюць працаваць і ў Беларусі. Зь меркаваньняў бясьпекі мы ня можам расказаць пра іх і пра ўмовы іх працы.